Краязнаўчае падарожжа: мінулае і сучаснае Пінска
Неўзабаве, ў першыя выходныя кастрычніка, горад над Пінай адсвяткуе свае 926-годдзе. З нагоды надыходзячых урачыстасцяў у філіяле БрДТУ “Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж” адбыўся адмысловы краязнаўчы занятак: “Пінск. На парозе міленіума”. З мэтаю ўмацавання ў навучэнцаў каледжа пачуцця павагі і гонару за малую Радзіму мерапрыемства зладзіў кіраўнік па ваенна-патрыятычнаму выхаванню, выкладчык гісторыі Дзмітрый Юр’евіч Кісель.
На тэматычную сустрэчу ў бібліятэку каледжа завіталі групы № 222 і 262. Для ўдзельнікаў быў падрыхтаваны багаты краязнаўчы матэрыял, які суправаджаўся не менш цікавай прэзентацыяй. Дзякуючы гэтаму атрымалася паглыбіць веды навучэнцаў пра ўсебаковае развіццё Пінска ад часоў Тураўскага княства да Савецкай Беларусі. Асобная ўвага нададзена часу станаўлення беларускай дзяржаўнасці, пакутам пінчукоў у ходзе Вялікай Айчыннай вайны, барацьбе палешукоў-партызан з акупантамі. Узгадалі славутых ўраджэнцаў Пінска: пісьменнік Валерый Грышкавец, спартсменка Ганна Бацюшка, эканаміст Сайман Кузнец, пісьменнік Рышард Капусцінскі, буйны рэлігійны дзеяч Адам Нарушэвіч, расійскі дзяржаўны дзеяч Уладзімір Чуб і г.д.
Цешыць, што немалыя веды пра мінулае ды сучаснае Пінска паказалі і самі навучэнцы. Добрыя знаўцы гісторыка-архітэктурных адметнасцяў сталіцы Палесся, дапоўнялі спіс вядомых уражэнцаў горада над Пінай.
Для лепшага ўспрымання інфармацыі бібліятэкары Валянціна Іванаўна Кірыковіч і Веранчук Лідзія Георгіеўна, падрыхтавалі выставу прысвечаную Пінску.
Моладзь засведчыла, што яна неабыякавая да мінуўшчыны малой Радзімы, мае гонар за сучасныя здабыткі і гатовая зрабіць уласны ўнёсак ў развіццё роднага краю.

















